КАВАРЫЯ́НТНЫЯ МЕ́ТАДЫ ў оптыцы,

прамыя бескаардынатныя метады апісання розных фіз. з’яў, заснаваныя на выкарыстанні вектарна-тэнзарнага злічэння і лінейнай алгебры. К.м. прынцыпова не патрабуюць выбару канкрэтнай сістэмы каардынат, што значна спрашчае форму запісу матэм. суадносін і надае ім агульны характар. Распрацаваны ў Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава.

На аснове К.м. прапанаваны арыгінальны падыход да апісання палярызацыі святла, каварыянтная фармулёўка законаў адбіцця і пераламлення святла; вывучаны аптычныя ўласцівасці паглынальных і магнітных крышталёў; выяўлены асн. заканамернасці ў оптыцы гіратропных асяроддзяў. З дапамогай К.м. дадзена малекулярнае абгрунтаванне адбіцця і пераламлення святла (Б.А.Соцкі), пабудавана тэорыя неаднародных хваль, прадказаны Фёдарава зрух.

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Яго ж. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;

Яго ж. Теория гиротропии. Мн., 1976.

М.С.Пятроў.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)